Архіў навін выдавецтва

Дзяўчаты мінулай вайны

Якімі толькі мянушкамі

Не клікалі гэтых салдат

З няпудранымі вяснушкамі,

У шынялях да пят!..

Крочылі полем спаленым,

Шляхамі страшнай вайны,

I плакалі на развалінах,

I мерзлі ў акопах яны...

У лужах сцюдзёных мыліся,

Прычэсваліся пад дажджом,

Па косах сваіх журыліся

Пад гулкі гарматны гром...

Паходамі, зброяй занятыя,

Справай ваеннай пары,

Былі яны проста дзяўчатамі,

Што там ні гавары.

Пужаліся свісту міны,

Чужых незычлівых вачэй,

А гінулі — як мужчыны,

Абняўшы зямлю ямчэй.

1962

 

Брыгадзір

Ах я, сталічная задзіра!

Прыехаўшы ў лясную глуш,

я «спакушала» брыгадзіра,

якога ў вёсцы той — не руш!

Не руш, бо ён адзін русявы

на ўсё Залессе прыгажун,

адзін з такой харошай славай,

якой маіх не трэба струн!

Я пра калгас яго пытаю

і ў вочы карыя гляджу.

Нічога не запамінаю,

а толькі сэрца вераджу.

Ягонай ранняй сівізною

мая кранутая душа…

Кажу: «Паедземце са мною!

Такая роўная шаша!..»

А ён смяецца вінавата

і мне гаворыць: «На шашы

ужо, зірніце, стала «варта»

з маім абедам у кашы!..»

1971

 

Штрых

Я луг шкадавала

за тое, што косяць касою...

Шкадавала канька сляпога,

пеўніка, што адмарозіў грэбень зімою,

галінку зламаную глогу.

Растаптанага мятліка

і кароўку —

божую і з рагамі,

калі яна з галоднай зімоўкі

зусім слабла нагамі.

Яе за рогі,

за хвост цягнулі,—

госпадзі, хоць бы дайшла да папару!..

Слёзы вялікіх вачэй рагулі

цякуць па маім твары...

Так і жыву, хоць ясна, хоць курыцца,

хварэю з кожнай жывое страты.

Памру з голаду —

а не зарэжу курыцы,

і ніхто ў гэтым не вінаваты.

Можа, лугі вінаваціць,

можа,

мятлікаў, божых каровак, галінку?

Сэрца наколваецца

бязбожна

на кожную высахлую травінку...

1974

 

Вішня

Карчуе вецер вішню,—

высокая яна...

Каб нізкая, зацішней

было б ёй ля акна.

Каб нізкая, схавалі б

яе сцяблы вяргінь,

рамонкаў і азалій,

а так — хоць ладнай гінь!

Адкрыта злы паўночны,

лагодны з поўдня гне...

Няхай сабе пабочны,

ды клопат у мяне.

Прывязваю увішна,

каб стволік стройна рос...

Няма высокай вішні

заслоны ў яе рост!..

1975

 

* * *

Былы мой муж: «А як жа у вайну?»

Былы мой муж: «А ўспомні, як Астроўскі!»

На хілую маю глядзіць спіну

і так прыводзіць довад свой сяброўскі…

Былы мой муж прыводзіць сына мне,

прывозіць суп і ягады лясныя.

І мне відаць: па добрай даўніне,

па сённяшняму гору сэрца ные…

Ён і ў калецтве будзе неадступным,

паспагадае сэрцам немалым.

Я, можа, памылілася ў наступным,

але не памылілася ў былым!..

16.VI.77