Сярод празаікаў лютаўскага нумара Ірына-Ліннік-Дударава і Ангеліна Нарук. Іх імёны гучаць у “Маладосці” ўпершыню. Паэты нумара – Аляксандра Жалязнова, Паліна Дваранская і Вікторыя Сон. Таленавітыя, амбіцыйныя, пераможцы рэспубліканскіх паэтычных конкурсаў, яна прадстаўляюць свае новыя вершы.
Таксама ў нумары працяг неагатычнага рамана Маргарыты Латышкевіч «Ваўкалакі». Заснаваны на беларускім легендарыуме, з элементамі дэтэктыва, містыкі і хорару. Дзеянне адбываецца ў 1816 годзе на Браслаўшчыне.
У рубрыцы «Інтэрв’ю» – гутарка з Вікторыяй Кляўко. Яе раман «Вырай» — найярчэйшая падзея літаратурнага працэсу Беларусі за мінулы год. Першы вялікі тэкст пісьменніцы — і адразу перамога ў конкурсе «LitUP», дадатковыя тыражы, бурнае абмеркаванне ва ўсіх сацыяльных сетках і чытка ў Купалаўскім тэатры. Вікторыя праводзіць сустрэчы з чытачамі, стварае мерч, заканчвае вучобу ў Літінстытуце, рыхтуе да публікацыі другі рукапіс і чакае трэцяе дзіця. А яшчэ яна заснавальніца кніжнага клуба «МоноЛИТ36», а таксама прыклад для ўсіх маладых аўтарак: каб пра твой тэкст даведаліся, трэба прыкладаць намаганні, спрабаваць незвычайныя маркетынгавыя хады і, самае галоўнае, не баяцца. Гэтая размова — пра тое, чаму вёска ніколі не сыдзе з беларускай літаратуры, пра тое, як правільна спраўляцца з крытыкай, пра містыку, якая наганяе ў моманты заняпаду, і пра сілу падтрымкі, якая не дае ўпасці.