Змітрок Бядуля. У кузні ў хохліка. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.
Не кожнаму вялікаму пісьменніку дадзены дар казачніка... А вось Змітрок Бядуля ўмеў байкі баяць. Вядома, найперш успамінаецца яго казачная аповесць пра сярэбраную табакерку і сям'ю жвавых, спрытных, мілых зайчыкаў-шарачкоў. Але ў беларускага майстра стылю ёсць і кароценькія казачкі, якія якраз падыходзяць для серыі «Я люблю чытаць» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Невялікія, але дыхтоўна аформленыя кніжачкі дапамогуць не адной сям'і карысна прабавіць вечар. «Ля рэчкі, пад вольхай, хохлік знайшоў ракавінку. Уладзіў у ёй кузню і давай чырвонцы каваць». А потым скрыні з золатам паўсюль закопвае... Ну як не пазайздросціць такому багаццю? Усе спрабуюць адабраць у хохліка Яго скарбы, не задумваючыся, што здабытыя яны рупнай працай. І хлопчык Саўка туды ж — хоча тыя багацці займець, вядома ж, у купальскую ноч... Але хохлікі ўзнагароджваюць толькі тых, хто добра працуе. А хто хоча нічога не рабіць, але пнецца сарваць блінец з неба, як злая каралеўна з іншай казкі, — будзе вечна насіцца ў выглядзе хмаркі, плакаць ды закрываць ад іншых сонечнае святло. Бядуля ўмела пераўвасабляе фальклорныя матывы на свой літаратарскі лад. Прыгожыя беларускія словы, зграбная мелодыя аповеду, вечныя ісціны... Добрае папаўненне хатняй бібліятэкі дома, дзе гадуюцца дзеткі.
Людміла Рублеўская,
“Звязда”, 2 снежня 2021 г.