Такім кнігам, як «Дзіцячы атлас Беларусі», толькі што выдадзены ў «Мастацкай літаратуры», нельга не парадавацца. Аўтар тэксту, укладальнік Паліна Грынчанка зрабіла, здаецца, немагчымае — яна паспрабавала адказаць на сотні пытанняў, што задаюць дзеці ва ўзросце ад двух да дзесяці гадоў.

Якая самая вялікая кветка расце ў Беларусі? Хто жыве ў норцы? А ці можа дыхаць жаба пад вадой? Я хачу вывучаць жывёл, як будзе называцца мая прафесія? Што такое варган? Дзе ў Беларусі можна знайсці скарбы? Самыя неймаверныя факты, яркія ілюстрацыі (арыгінал-макет выдання належыць кніжнаму графіку і дызайнеру кнігі Уладзіміру Жуку) сабраны пад адной вокладкай выдання, выпуск якога ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Шкада, што тыраж у кнігі ўсяго толькі 1500 асобнікаў. Такі «Дзіцячы атлас Беларусі» можна смела паказваць кожнаму з самых юных грамадзян краіны. Нават калі яны яшчэ зусім не ўмеюць чытаць.

Лаканічныя тэксты пра Тураўскія крыжы, курганы нашай Айчыны, мора Герадота, крыж Ефрасінні Полацкай, пра скарбы Напалеона, легендарнае балота Ельня, пра фантастычную істоту Цмока — для многіх яны стануць яшчэ і першым у жыцці ўрокам радзімазнаўства, урокам развіцця пачуцця цікаўнасці да роднага, да таго, што яднае сярэднявечча і сучаснасць. Згаданыя абсягі чытач адкрые ў раздзеле «Сем загадак Беларусі». А ўвогуле ў «Дзіцячым атласе Беларусі» нас чакаюць сустрэчы са звярамі і птушкамі, насякомымі і павукамі, жыхарамі вадаёмаў, раслінамі, грыбамі. Чакае падарожжа па абсягах народнай культуры, знаёмства з архітэктурнымі і гістарычнымі славутасцямі.

Добра было б, каб кнігу, прыдуманую і выкананую ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», заўважылі ў Міністэрстве адукацыі краіны і параілі звярнуць на яе ўвагу складальнікам праграм пазакласнага чытання. Паверце, «Дзіцячы атлас Беларусі» варты таго.

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406