fvlahbijdk

 

У серыі «100 вершаў», якая даўно палюбілася чытачам, з падзагалоўкам «Выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра беларускія гарады і вёскі» выйшаў зборнік паэтычных твораў класікаў і сучаснікаў пра малую радзіму, пра мясціны, якія ўразілі вядомых літаратараў сваім гістарычным лёсам, незвычайным хараством, працавітымі і гасціннымі жыхарамі. 

Пачынаецца кніга з вершаў пра Мінск — у шчырай любові да «сапраўднага волата» прызнаецца Пятрусь Броўка, але любоў тая не меншая за пачуццё паэта да роднай вёскі («Я вас аднолькава люблю...»). Разбураную ворагам сталіцу Якуб Колас марыць убачыць «у новых калонах пад сотнямі веж» («Мінск»). Алесь Звонак ганарыцца горадам, што ўзняўся з руін, «як з попелу казачны птах» («Вячэрні Мінск»). Еўдакія Лось з удзячнасцю адзначае працу мноства людзей, што адбудоўвалі горад («Вячэрні Мінск»). 

Пра боль нашага народа, яго змаганне і пакуты падчас Вялікай Айчыннай вайны расказваюць у вершах Аркадзь Куляшоў («Віцебская махорка», «Над спаленай вёскай»), Пімен Панчанка («Казулічы»), Рыгор Барадулін («Вёска Гвазды»). Адбудаваная краіна расквітнела, яе «бліскучыя праспекты», «нівы, лугі і лясы» нясуць свету сваю прыгажосць і адметнасць. Пятрусь Макаль захапляецца Брэстам — зялёным, чырвоным, блакітным («Рознакаляровы Брэст»), Мікола Аўрамчык — «з маленства дарагой» Бабруйшчынай («Мая Бабруйшчына зялёная...»). Кастусь Кірэенка ўзгадвае юнацтва і першае каханне, апаленае вайной («Гомель»), Аляксей Пысін апявае Краснаполле — «салаўіны, глыбінны раён», дзе «залацістыя звоняць ільны» («Краснаполле»). Уладзімір Караткевіч прысвячае ўзнёслыя радкі старажытнай гісторыі Навагрудка («Прысенне зімы»), Навум Гальпяровіч — Полацку («Сафія, Полацк — родны край»), Янка Сіпакоў — Тураву («Тураўская элегія»). Юрка Голуб апявае родны Дзярэчын, Максім Танк у своеасаблівай манеры расказвае гісторыю вёскі Пількаўшчына, Анатоль Грачанікаў прысвячае філасофска-лірычны верш вёсцы Шарпілаўка, Яўгенія Янішчыц па дарозе ў Дастоева разважае над знакамітым выслоўем класіка…

Прачытаўшы апошні верш кнігі, пераконваешся: у Беларусі кожны горад, вёска, мястэчка нясе ў сваёй гісторыі і сучаснасці шмат цікавага, адметнага, запамінальнага. Зборнік дорыць магчымасць зірнуць на ландшафты Радзімы праз прызму паэтычнага слова.

Алена Брава
«Звязда», 13 жніўня 2022 г.

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406