Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

У зборнік увайшлі найлепшыя творы беларускіх пісьменнікаў пра хараство прыроды Бацькаўшчыны. 

 

https://zviazda.by/sites/default/files/lyasnaya_gistoryya_vokladka.jpg

 

Дзіцячымі ўражаннямі дзеліцца герой апавядання Вячаслава Адамчыка «Сцежка на расходніку»: сцежка абягала занядбаны хутар цёткі Марылі, якая і сама, старая і нямоглая, успрымаецца як частка прыроды, а зруйнаваны хутар — як сімвал «адзіноты і... чалавечага знікнення з гэтай вечнай зялёнай зямлі». Пра будні вяскоўцаў падчас касавіцы і жніва распавядае Янка Брыль («Гуртавое»), дзеліцца «непаўторнай свежасці пачуццямі», якія выклікалі ў ім спевы жаўрука, прасторы роднае зямлі. 

Грозны гаспадар дзікай прыроды мядзведзь з аднайменнага апавядання Змітрака Бядулі ледзь не задраў Мацея насмерць — уратаваў сабака Мурза. У апавяданні Віктара Гардзея «Каламутная вада» хлопчык наважыўся лавіць у сажалцы рыбу вудачкай, але хцівыя аднавяскоўцы кінуліся на рыбу з кашом, замуціўшы ваду ў сажалцы і азмрочыўшы душу падлетка. 

Якуб Колас узнімае праблему сумлення: вясковец Андрэй, праз браканьерскі ўчынак якога быў звольнены ляснік Максім Заруба, прызнаецца ў сваёй правіне, абы толькі Максіма аднавілі на працы («Малады дубок»). Мікола Лупсякоў расказвае гісторыю выратавання чайкі, якая заглынула кручок рыбалова («Дняпроўская чайка»). Сапраўдная легенда ажывае ў апавяданні Міхася Лынькова «Воўчы лог» — тут і каханне, і пераўтварэнне людзей у ваўкоў, і закінутая капліца ў лесе.

Хцівы і жорсткі Вінцусь у «Касцах» Хрысціны Лялько паводзіць сябе ў адносінах да птушак горш за драпежную жывёлу. Іван Навуменка дзеліцца сакрэтамі грыбнога палявання — «паэмы сэрца». Кранальная прыхільнасць Ірынкі да сямейства аленяў і трагедыя яе дзіцячай душы паўстае ў «Аленях» Івана Пташнікава. 

А паэтызаваны «Трыпціх» Міхася Стральцова — як сімвалічны код гэтай кнігі, якая засведчыла: прыроду роднага краю нашы класікі ведалі дасканала і любілі ўсім сэрцам.

 

Алена Брава
«Звязда», 19 чэрвеня 2022 г.

Час работы выдавецтва
«Мастацкая літаратура»

Панядзелак - чацвер: 8.30 - 17.30
Пятніца: 8.30 - 16.30
Абедзены перапынак: 13.00 - 13.48
Выхадныя дні: субота, нядзеля

Дырэктар выдавецтва — Бадак Алесь Мікалаевіч
Намеснік дырэктара – галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Шніп Віктар Анатольевіч

Кнігі "Мастацкай літаратуры" без гандлёвай нацэнкі можна набыць у самім выдавецтве!
Адрас: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 924
Тэлефон аддзела рэалізацыі: +375 17 203-58-09
Электронны адрас: marketing@mastlit.by

Дата ўнясення ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь 31.10.2018

УНП 100055406