Пад такой прыгожай назвай у выдавецтве “Мастацкая літаратура” (серыя “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”) убачыла свет кніга, прысвечаная жыццю і творчасці народнага мастака Беларусі Барыса Аракчэева. Прэзентацыя гэтага зборніка, дзе змешчаны ўспаміны тых, хто добра ведаў Барыса Уладзіміравіча, -- родных, сяброў, калег, вучняў, аматараў творчасці Майстра, нядаўна адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Падчас імпрэзы кнігу “Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце” прадставілі яе ўкладальнікі – мастачка Аксана Аракчэева – дачка Барыса Уладзіміравіча, пісьменніца Алена Масла, а таксама рэдактар гэтага зборніка паэт Дзмітрый Пятровіч – вядучы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Акрамя таго, сваімі ўспамінамі пра Барыса Аракчэева падзяліліся і некаторыя аўтары, якія ў той вечар мелі магчымасць не толькі выступіць, але і атрымаць вышэйзгаданую кнігу з аўтографам Аксаны Аракчэевай.