У “Полымі” №1 за гэты год быў змешчаны першы сшытак дзённікаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслава Адамчыка. У “Полымі” №6 друкуецца другі сшытак дзённікаў пісьменніка, які пачынаецца так:
“Чацвер, 9 красавіка 1987 года.
Рэдакцыя, клопат. Хіба і запомнілася тое, як у друкарскім двары, вышукваючы на высокіх ліпах сухія галінкі, дзве сіняхвостыя сарокі клалі ў вяршыне зялёнай яліны сваё гняздо.
Пішу вайну і так выразна бачу жыццё Варакомшчыны, бяру яго жыўцом і спяшаюся, каб не ўпусціць успомненага.
Раман – жывы, варакомскі… Усё так, усё з перажытага, бачанага, чутага, пераасэнсаванага, перадуманага, падмацаванага прачытаным і не адной сотняй старонніх кніжак.
Мой раман. За мяне яго папраўдзе ніхто не напісаў бы. Не!... Але…
Рана хваліцца. Яшчэ такі цяжкі пераход праз горы. А там, як і ў жыцці, нямала лавін. Колькі сілы, намагання, моцы трэба аддаць, каб узняцца на верхавіну, з якой можна будзе ўгледзець і сваю вышыню, і іншыя вяршыні.
Свая, здаецца, вышэйшая… Але не перад кожнай вяршыняй.
Божа, памажы і падай мне сваю ўладарную руку!”
Пра які раман ідзе гаворка ў запісе і які дальнейшы лёс рукапіса твора, а таксама як і чым жыў пісьменнік і яго браты па пяру ў 1987 годзе, можна даведацца, прачытаўшы другі сшытак дзённікаў Вячаслава Адамчыка.