Шэсць вершаў з шасці кніг
Серыя «Новая бібліятэка беларускай паэзіі»
Максім БАГДАНОВІЧ
Вянок (2023)
Раманс
Quand luira cette étoile, un jour, La plus belle et la plus lointaine, Dites-lui qu'elle eut mon amour, O derniers de la race humaine. Sully-Prudhomme. |
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
Максім ТАНК
Ave Maria (2023)
Ave Maria
Звон кафедральны кліча на Ave.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя,—
Ave Maria...
Я не звярнуў бы і ўвагі можа,
Каб не пабачыў між іх прыгожай
Адной манашкі, якая мае
Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;
Чорныя вочы, бровы густыя,—
Ave Maria!
Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш: стан непакорны,
Ножкі, якімі б на карнавалах
I захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія,—
Ave Maria!
Глядзіць набожна на крыж пятровы,
А я малюся на яе бровы:
Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,
Што хараство і жыццё марнуеш?
Як танцавалі б ножкі такія,—
Ave Maria!
Цябе атрутаю апаілі,
Ружанцам рукі табе скруцілі.
Смялей парві ты яго, не бойся!
У полі недзе шуміць калоссе...
О, як бы жалі рукі такія,—
Ave Maria!
А потым хутка прыйшло б каханне,
Страчала б з мілым свой золак ранні.
А потым стала б ты гаспадыняй
I калыхала б сваю дзяціну!
О, як кармілі б грудзі такія,—
Ave Maria!
Не знаю, можа, мая малітва
Мне памагла б выйграць гэтую бітву,
Але пазвалі яе; манашка
Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка,
Пад зводы змрочныя і глухія,—
Ave Maria!..
Анатоль ГРАЧАНІКАЎ
Вернасць (2023)
Ясень
Усё бывае на вяку.
I мне прыгадваецца ясень.
Ён — на балотным астраўку,
Але — не як забыты вязень.
Да ўзболатку — алешнік мкне.
Лазняк — і той на востраў хоча.
Бо ясень і ў глыбокім сне
Ім нешта светлае лапоча.
Калі ж хмызы равуць наўзрыд,
Калі завеі хвошчуць ясень,—
Вяршыня снежная ў блакіт
Нырае неспайманым язем.
Не наракае ён на лёс.
Галін не ўскідвае ў маленні.
Тут нарадзіўся ён,
узрос,
Мацуючы зямлю карэннем.
I ў цёплай ранішняй смузе
Відаць усім з-за паварота:
Як бусел на адной назе,
Стаіць ён пасярод балота.
Яўгенія ЯНІШЧЫЦ
Непрыручаная птушка (2023)
* * *
Ні крыўдай, ні скрухай ліхою,—
Нічым не параню твой слых.
Аблашчана ласкай тваёю,
Суровею я пры другіх.
За стольнай бяседай – што толку! –
Шукаю цябе між усіх
І сыплю калючкі, як ёлка,
На гэтых
звычайных, другіх.
І трачу на спрэчкі хвіліны,
І сэрца тыраню праз дым,
Хоць знаю, ніхто не павінны
У трудным каханні маім.
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
Ветразь лёсу (2023)
* * *
Я – вучань. Птушкі пішуць мне
У тонкі сшытак даўнія імёны.
Я ведаю замовы і праклёны,
Я чую, як гавораць дождж і снег.
Я – вучань. Мне настаўнік загадаў
Вучыць на памяць рэкі, хмары, дрэвы,
Імжу і слоту, сонца і залевы,
І кроплі свет, адкуль пайшла вада.
Я – вучань.Я імкнуся разгадаць
Пергамены нябёсаў, кнігі жыццяў,
Валошкі сіняву ў паспелым жыце
І вусны, на якіх вякоў пячаць.
Мне так нялёгка, я паспець хачу;
Звініць званок, чуваць далёкі рокат...
І бачыцца, што ў бездань я лячу,
І страшна, што не вывучыў урока.
Генадзь ПАШКОЎ
Адвечнае (2023)
* * *
П’юць ласі ружовую вадзіцу
на зары, світальнаю парой,
след паклаўшы ў рыжую ігліцу
пад крутой надрэчнаю гарой.
Заманілі ў вырай несуцешны
Птушкі ветлакрылае лісцё.
Цепліцца лагодная усмешка
з даўкаю гарчынкай, як жыццё.
Скрозь усё плыве, цячэ, мяняецца,
адлятае ў восеньскую стынь,
а ўзамен адно ўсяго вяртаецца —
як усмешка гэта, успамін.
Не палі масты, пара світальная,
сыплючы сузор’ямі ў ваду.
Эх, жыццё!
Мая загадка тайная!
Не было.
З’явіўся.
Адыду...